Заява Беларускай партыі “Зялёныя” у абарону незалежнасці Беларусі

Мы, Беларуская партыя Зялёныя, заклікаем перапыніць таемныя перамовы аб  “паглыбленай інтэграцыі” Беларусі і Расеі, што ставяць пад пагрозу існаванне незалежнай Беларусі. 

8 снежня Лукашэнка і Пуцін  плануюць падпісаць пакет дакументаў аб так званай “паглыбленай інтэграцыі”, які накіраваны на аб’яднанне эканомік двух краін, а фактычна - на паступовае паглынанне Беларусі Расеяй. “Дарожныя мапы”, з якіх ён складаецца, прадугледжваюць уніфікацыю заканадаўства і практык двух краін па расейскім узоры. Іншымі словамі, размова ідзе аб страце нацыянальнага суверэнітэту Беларусі. 

Гэтыя перамовы -  ад пачатку не дымакратычны і не празрысты працэс для грамадства. Дакументы, якія вызначаюць лёс краіны, распрацоўваюцца пад грыфам “цалкам сакрэтна”. На шматлікія запыты грамадзяне і СМІ атрымліваюць адмовы і парады “не ствараць паніку”. 

Для нас з’яўляецца  каштоўнасцю суверэнітэт Беларусі і магчымасць грамадзян самастойна вырашаць свой лёс. Мы лічым тое, што адбываецца зараз, недапушчальна. 

Варта пазначыць, што будаўніцтва Астравецкай атамнай станцыі з'яўляецца істотнай часткай гэтага працэсу. Мы, разам з Беларускай антыядзернай кааліцыяй, пачалі выступаць супраць яго ад самага пачатку. 

Не выпадкова намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк назваў будаўніцтва БелАЭС найлепшым прыкладам з вобласці “інтэграцыі”.  Станцыя будуецца расейскай дзяржаўнай карпарацыяй “Росатам” на расейскі крэдыт, па расейскім праекце. Яна прывяжа Беларусь да расейскага паліва і тэхналогіяў, што створыць магчымасць для маніпуляцый і ціску ў пытаннях  абыходжання з яздернымі адкідамі.  

У разе запуска ў эксплуатацыю, БелАЭС паглыбіць эканамічную і палітычную залежнасць Беларусі ад Расеі. 

Па дасяжнай нам інфармацыі, “паглыбленая інтэграцыя” прадугледжвае стварэнне адзінага рэгулятара для энергетычнага рынка абодвух краін. Гэта фактычна паставіць крыж на магчымасцях перахода Беларусі на ўзнаўляльную энергетыку - мы будзем вымушаныя падтрымліваць вуглевадародную прамысловаць Расеі, якая будзе губляць пазіцыі на іншых рынках праз выкананне Парыжскага пагаднення. 

Уніфікацыя па расейскіх стандартах пагоршыць экалагічнае заканадаўства Беларусі і яшчэ больш абмяжуе грамадства ў адстойванні сваіх правоў на спрыяльнае навакольнае асяроддзе. 

Ёсць вялікая рызыка, што Беларусь будзе прымушана выйсці з міжнародных экалагічных пагадненняў і канвенцый, бокам якіх не з’яўляецца Расея. У прыватнасці, Орхусскай канвенцыі і канвенцыі Эспоо. 

Разам з прыходам буйнога расейскага бізнесу гэта створыць умовы да разарэння прыродных рэсурсаў Беларусі і забруджвання навакольнага асяроддзя. 

Аднак нас хвалюе не толькі гэта, а шматлікія эканамічныя і палітычныя наступствы “інтэграцыі”. Напрыклад, мы не прымаем анэксіі Крыму, развязвання вайны ва Украіне, удзел у баявых дзеяннях у Сірыі. Аднак у новай “Саюзнай дзяржаве” мы будзем абавязаныя прыняць гэтыя факты і падобную практыку, якая магчыма, працягнецца ў будучыні. 

Мы выступаем у абарону суверэнітэту Беларусі і патрабуем спынення перамоваў па “паглыбленай інтэграцыі”,  падання грамадству поўнай інфармацыі аб наяўных дакументах і працэсах. 

Мы выказваем сваю падтрымку ўсім кампаніям і ініцыятывам, якія выступаюць у абарону суверэнітэту Беларусі. У прыватнасці - грамадскай кампаніі “Свежы вецер”, а таксама партыям і НДА, што выступілі з заявамі на гэтую тэму.

Мы працягнем даносіць інфармацыю  да грамадзян Беларусі і нашых партнёраў па руху ва ўсім свеце пра пагрозу, якая навісла над нашай краінай. 

Мы заклікаем грамадзян Беларусі да актыўных дзеянняў у абарону суверэнітэту ў межах закона і канстытуцыйных правоў.