
Заява Беларускай партыі Зялёныя з нагоды падзеяў у Курапатах
Беларуская партыя “‘Зялёныя” лічыць так званае “добраўпарадкаванне” тэрыторыі мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій ў Курапатах, што пачалося 4 красавіка, грубым парушэннем правоў грамадзян.
Рашэнні пра працы ў Курапатах былі прынятыя без удзелу грамадскасці і без публічнага абмяркавання праекта. Больш за тое, інфармацыя пра яго не была размешчаная ў публічным доступе, у грамадзян не было аніякіх магчымасцяў з ёй азнаёміцца.
Пры правядзенні саміх працаў грамадзянам перашкаджали ў атрыманні інфармацыі пра тое, што адбываецца. Чыніліся таксама перашкоды працы журналістаў.
Улады Мінскай вобласці ігнаруюць свой абавязак адказваць на запыты грамадзянаў і даводзіць да іх сваечасовую і праўдзівую інфармацыю.
Хочам падкрэсліць, што мемарыял у Курапатах, што быў створаны і падтрымліваўся сіламі грамадскасці. Ён з’яўляецца не толькі гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але і адным з нешматлікіх у Беларусі прыкладаў паспяховай самаарганізацыі грамадскай супольнасці. Яго пераход пад жорсткі дзяржаўны кантроль фактычна будзе азначаць яго знішчэнне і прыпыненне гэтай практыкі.
Беларуская партыя “Зялёныя” заклікае спыніць працы на тэрыторыі мемарыялу, прадставіць у публічны доступ дакладную інфармацыю пра планы, якія датычацца гэтага аб’екта і абмяркаваць далейшы лёс мемарыяла публічна, з удзелам шырокай грамадскасці.