
Media Days ад 34mag.net у поўным разгары! 11 траўня зноў запрашаем цябе на рандэву ў культцэнтр «Корпус». Абяцаем: будзе цяплей не толькі звонку, але і на душы – разам з экспертамі пагаворым пра маці-прыроду і яе прысутнасць у медыйнай прасторы.
Тэма сустрэчы — «Ахова навакольнага асяроддзя праз прызму медыя: hot or not?». Вобраз нашай краіны неразрыўна звязаны з азёрамі ды рэкамі, што далі Айчыне тытул «Сінявокая». Аднак за прыгожымі фотаздымкамі разліваў Прыпяці хаваецца шмат выклікаў — напрыклад, вывезенае далей ад вачэй смецце ці тэст-драйвы на прыродаахоўных тэрыторыях. Ёсць і яшчэ адзін, больш лакальны міф пра тое, што «Менск – зялёны горад». Аднак паведамленні аб спілаванні чарговых дрэваў не сыходзяць з навіновых стужак цягам апошняга года. Дзе пачынаецца тое прыроднае асяроддзе, якому патрэбная наша ахова, — пад вокнамі дома ці за МКАДам?
Запрашаем на ток-шоу ўсіх, каго цікавіць дзейнасць экалагічных арганізацый, хто «топіць» за развіццё экатурызму ў Беларусі, працуе або збіраецца пабудаваць кар’еру ў журналістыцы ці некамерцыйным сектары, а таксама тых, хто бачыць патэнцыял экатэматыкі ў рэкламным сектары.
Разам абмяркуем, як актывісты зялёнага руху працуюць з медыйным сектарам і хто больш ад гэтага выйграе — СМІ, прырода ці ўсё грамадства. Чаму адны тэмы больш прывабныя для журналістаў, а іншыя не? Ці варта наогул неяк ратаваць прыроднае наваколле або само разыдзецца?
Спiкеры:
Анора Лангар – PR-менеджарка таварыства «Зялёная сетка».
Антон Трафімовіч – журналіст «Радыё Свабода».
Вікторыя Церашонак – прэс-сакратарка грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Уваход вольны!
Нагадваем: 34 Media Days — гэта серыя веснавых ток-шоу, прысвечаных беларускім анлайн-медыя і іх узаемаадносінам з грамадзянскай супольнасцю.
Глядзі справаздачы з першага і другога 34 Media Day.