
Усяго 30 гадоў мінула з дня адной з самых масштабных радыяцыйных катастроф, ад наступстваў якой жыхары Беларусі будуць цярпець не сотні, а сотні тысяч гадоў.
Усяго 30 гадоў маўчання, забыцця і злачыннага грэбавання жыццямі і здароўем людзей – для Чарнобыля гэта нішто, а для чалавека – амаль паўжыцця! За гэты час на забруджаных тэрыторыях вырасла новае пакаленне тых, каго Чарнобыль пазбавіў сям’і, здароўя, пакінуў інвалідам да канца дзён. Але разам з Чарнобылем гэта зрабілі тыя, хто схаваў інфармацыю, хто падманам пакінуў людзей жыць на небяспечнай зямлі, хто развіваў там гаспадарку, трацячы на гэта бюджэтныя мільярды, хто пазбавіў іх магчымасці кантролю, хто засеяў чарнобыльскія палі новым насеннем бяды, хто пазбавіў людзей права голасу і пазбавіў іх права называцца ліквідатарамі і законаў па абароне, прынятых Вярхоўным Саветам 12 склікання.
За 30 гадоў Чарнобыля ў Беларусі памяць пра гэтую катастрофу старанна сціралі, гісторыю перапісвалі. Улады Беларусі надзейна захоўваюць тайну наступстваў Чарнобыля, і за 30 гадоў Беларуская забруджаная зямля стала для навукоўцаў, экспертаў і эколагаў свету тэрай-інкогніта.
Улады Беларусі будуюць другі Чарнобыль – Астравецкую АЭС, – які паводле сваіх масштабаў можа пераўзысці першы, пагражаючы пераўтварыць унікальнае Беларускае Паазер’е ў радыяактыўную пустэчу. Будуюць паводле расійскага эксперыментальнага праекту, за расійскія грошы, парушаючы нормы, правы грамадзянаў, законы, там, дзе няма аніякага попыту на атамныя мегаваты, у 20-ці кіламетрах ад Літва. Будуюць, калі ўвесь цывілізаваны свет адыходзіць ад ядзернай да ўзнаўляльнай энергетыкі, абцяжарваючы свой народ ягонай яшчэ адной сумнай спадчынай на вякі, грузам радыяактыўных адкідаў.
Нам не патрэбна такая “стабільнасць”. Мы – за ўстойлівае энергетычнае развіццё Беларусі, за небяспечную ўзнаўляльную энергетыку, за тое, каб даць людзям праўду і магчымасць выбару!
Мы хочам сказаць “хопіць!” ядзернаму генацыду нашага народа, “досыць!” хлусні і навязлівай прапагандзе, “стоп!” будаўніцтву АЭС і злачыннай маніпуляцыі жыццямі і здароўем людзей, “не!” разрабаванню бюджэта.
Улады ігнаруюць нашы патрабаванні доўгія гады і час іх выконваць скончыўся! Заўтра можа быць позна!
Мы патрабуем:
1. Неадкладна спыніць будаўніцтва АЭС! Распрацаваць і абмеркаваць з грамадскасцю стратэгію ўстойлівага энергетычнага развіцця Беларусі.
2. Раскрыць інфармацыю пра наступствы Чарнобыля ў Беларусі. Спыніць гаспадарчае асваенне і засяленне забруджаных тэрыторый. Аднавіць дзеянне закона “Аб сацыяльнай абароне грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС”, прынятага ў 1991 годзе, а таксама прыняць рэальныя меры па яго ажыццяўленні, забяспечыўшы магчымасці для перасялення людзей з забруджаных Чарнобылем тэрыторый. Забяспечыць сістэмны і даступны грамадзянам радыялагічны кантроль і медыцынскі скрынінг на ўсёй тэрыторыі Беларусі.
3. Вывесці з тэрыторыі Беларусі расійскія ўдарныя самалёты, здольныя несці на борце тактычнае ядзернае ўзбраенне. Адмовіцца ад планаў па размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі іншаземных вайсковых баз. Захоўваць нейтральны бяз’ядзерны статус, як прадпісвае Канстытуцыя Беларусі.
4. Даць магчымасць грамадзянам вырашаць, якімі будуць іх навакольнае асяроддзе, горад і краіна! Правесці дэмакратычныя рэформы, забяспечыўшы свабоду слова, сходаў, стварэння грамадскіх арганізацый і палітычных партый, правядзенне свабодных і празрыстых выбараў. Спыніць палітычныя рэпрэсіі схаваныя і яўныя!
Мы за бяз’ядзерны свет! Мы за ўстойлівую і бяспечную энергетыку! Мы за энергетычную незалежнасць Беларусі!