Радыяцыйнае забруджванне ў Фукусіме працягваецца да гэтага часу.

16 снежня ў офісе БПЗ адбылася публічная лекцыя актывіста антыядзернага руху Ясухіро Iгораші "Японія: жыццё пасля Фукусімы", арганізаваная беларускімі маладымі "зялёнымі".

На сустрэчы таксама выступілі беларускія эксперты: прафесар, доктар тэхнічных навук, спецыяліст у галіне ядзернай энергетыкі Георгій Лепін і экаабаронца, удзельніца Беларускай антыядзернай кампаніі Таццяна Новікава.

Ясухіро Iгорашi распавёў, што акрамя вылучаных урадам зон у радыусе 20 км ад АЭС "Фукусіма-1", былі створаны дадатковыя прылеглыя да іх зоны - зоны эвакуацыі, з якіх мігравалі больш за 150 тысяч чалавек. Аднак, на думку эксперта, ужытыя крытэрыі вызначэння зоны адчужэння яшчэ больш недасканалыя, чым тыя, што былі ўжытыя пасля чарнобыльскай катастрофы. Па словах актывіста, сёння японскі ўрад спрабуе паменшыць зону адчужэння і пераконвае людзей вярнуцца ў свае дамы, вылучаючы ім для гэтага дадатковыя сродкі. Камісія ААН насупраць, прапануе Японіі пашырыць гэтую зону.

Як распавёў Ясухіро Iгорашi, радыяцыйнае забруджванне ў Фукусіме працягваецца да гэтага часу: для астуджэння актыўных зон рэактараў выкарыстоўваецца вада, значная частка якой потым трапляе ў атмасферу і Ціхі акіян. Эксперт адзначыў тое, што біямаса акіяна ў раёне Японскіх выспаў працягвае забруджвацца, распаўсюджваючы радыяцыю далей, да берагоў Паўночнай Амерыкі. Да катастрофы ў Фукусіме антыядзерны рух у Японіі быў даволі слабым, нягледзячы на вялікую колькасць дзеючыхі рэактараў - 53 (сёння ні адзін з іх не працуе). Пасля аварыі, калі людзі атрымалі праз інтэрнэт інфармацыю, якой раней не валодалі, рух значна ўзмацніўся. Па апошніх статыстычных дадзеных, 94% насельніцтва Японіі выступае супраць атамнай энергетыкі.

Пытанні ўдзельнікаў сустрэчы прадказальна былі і аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Беларусі. На думку Георгія Лепіна, вядомага фізіка-ядзершчыка, будаўніцтва АЭС у Калінінградзе і БелАЭС - двух праектна-ідэнтычных станцый, - было вырашана пачаць з мэтай продажу энергіі ў Прыбалтыку, пакінуўшы гэты рэгіён залежным ад расійскай энергіі. Аднак гэтыя краіны прынялі рашэнне аб пераарыентацыі (перасінхранізацыі) на еўрапейскую сістэму, у выніку чаго Расія і Беларусь пазбавіліся магчымасці прадаваць вырабляемую энергію ў гэтыя краіны.