“Выключна мірны дыялог здольны спыніць узброенае супрацьстаянне”

Паведамленне пра ўдзел сябраў гомельскай арганізацыі БПЗ ў дэманстрацыі 9 мая ў складзе Блока левых арганізацый выклікала неадназначную рэакцыю,. Асаблівую ўвагу выклікаў рэпартаж журналіста “Радыё Рацыя”, растыражаваны некаторымі СМІ, які стварае тэндэнцыйнае ўяўленне  аб пазіцыі Беларускай партыі “Зялёныя” датычна ўкраінскіх падзеяў. Каб ухіліць усе магчымыя домыслы і спекуляцыі, інфармацыйнае агенцтва “ПостМедыя” звярнулася па каментар наўпрост да старшыні БПЗ Алега Новікава.

“Варта прызнаць, што ў БПЗ няма адзінага меркавання датычна прыроды сённяшняга палітычнага рэжыму ва Ўкраіне. Гэта ў шмат чым звязана з высокай дынамікай грамадскіх працэсаў у суседняй краіне і ў лагеры ўлады. Таму любыя ацэнкі сябрамі партыі ўкраінскіх палітычных суб’ектаў і іх дзеянняў носяць выключна прыватны характар. – адзначыў Алег Новікаў. – З іншага боку ў БПЗ ёсць адназначны кансэнсус наконт бачання крокаў па выхаду Украіны з крызісу. Гэта спыненне вайсковых дзеянняў, расфармаванне ўсіх радыкальных груповак пад якімі сцягамі ці стужкамі яны б не выступалі, прызнанне ўсімі бакамі канфлікту неабходнасці захавання цэласнасці і суверэнітэту краіны, яе дэмакратычнай перспектывы развіцця. Беларускiя Зялёныя ўпэўнены, што выключна мірны дыялог здольны спыніць узброенае супрацьстаянне ў братэрскай краіне.”

Нагадаем, што Беларуская партыя “Зялёныя” прытрымліваецца прынцыпу ненасілля ў вырашэнні як унутраных, гэтак і міжнародных канфліктаў.