9 ліпеня былі ўтвораны акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Беларуская партыя Зялёныя ў сваёй найноўшай гісторыі ўпершыню вылучыла кандыдатаў у склад выбарчых камісій.
БПЗ вылучыла 5 кандыдатаў. З усіх толькі адзін сябра БПЗ быў уключаны ў склад адной з іх, Аляксандр Лагуцёнак, у Заходнюю акруговую выбарчую камісію ў Мінску.
На жаль, у склад Смаргонскай акруговай камісіі № 59, на тэрыторыі якой плануецца будаваць Астравецкую АЭС, прадстаўнік нашай партыі не быў уключаны. Без усялякіх на то нават фармальных тлумачэнняў і прычын. Мы лічым гэтае рашэнне вельмі блюзнерскім і недальнабачным.
Таксама, напрыклад, у Горацкай акруговай выбарчай камісіі кандыдату ад БПЗ было адмоўлена ва ўключэнні ў склад камісіі чыста па фармальнай прычыне: у пратаколе была дапушчана ... 1 памылка друку назвы адпаведнай акругі і камісіі. Хоць да гэтага назва ў тэксце была надрукавальна правільна. Нагадваем, што г. Горкі і наваколле таксама з'яўляецца не бяспечным рэгіёнам з пункту гледжання экалогіі і аховы прыроды і навакольнага асяроддзя.
І наогул варта адзначыць, што ў склад акруговых камісій у Мінску было ўключана толькі ...5,9% кандыдатаў ад агульнай колькасці, вылучаных дэмакратычнымі сіламі.
Але мы не здаемся. Выбарчая кампанія працягваецца. Наступнымі важнымі этапамі будзе вылучэнне кандыдатаў у склад участковых камісій а таксама кандыдатаў у дэпутаты. Заклікаем усіх, каму не абыякавы яго / яе выбар, хто не хоча, каб скралі нашы галасы, далучыцца да кампаніі па назіранні за выбарамі!!! Запісацца можна, напісаўшы ліст па адрасе narkontrol@belgreens.org ці, звярнуўцца ў сакратарыят БПЗ.
Кантралюючы выбары, ты кантралюеш ўлады!
Прэс-служба Беларускай Партыі Зялёных