Сёння, 9 жніўня ў Астравецкім раёне адбылася цырымонія закладкі капсулы з пасланнем нашчадкам на пляцоўцы будаўніцтва беларускай АЭС з удзелам Аляксандра Лукашэнка. Дата 9 жніўня вельмі паказальная для разумення сутнасці ядзерных праграм і «мірнага атама» ў гісторыі чалавецтва. Роўна 67 гадоў таму - 9 жніўня 1945 гаду атамная бомба «Fat Man» («Таўстун») была скінута на горад Нагасакі. Агульная колькасць ахвяр склала ад 60 да 80 тысяч чалавек.
Беларуская партыя «Зялёныя» абурана падобным цынізмам у стаўленні ахвяр ядзернай зброі.
Сам факт будаўніцтва небяспечнай і тэхналагічна недасканалай АЭС у Беларусі, краіне больш за іншых пацярпелай ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, выклікае абурэнне і здзіўленне, а ўрачыстая цырымонія закладкі капсулы ў дзень ядзернага бамбавання, з'яўляецца яркім сведчаннем цынічнага здзеку над ахвярамі «мірнага атама» і адмаўленнем відавочных урокаў гісторыі.
Як і раней, Беларуская партыя «Зялёныя» патрабуе неадкладнага спынення будаўніцтва АЭС у Беларусі.
Прэс-служба Беларускай партыі «Зялёныя»