Актуальныя праблемы сацыяльнага руху

2-га жніўня ў Мінску адбыўся круглы стол “Актуальныя праблемы сацыяльнага руху”, які арганізавалі Партыя Зялёных і Свабоднае Міжпрафесійнае Аб’яднанне Працоўных (СМОТ). Акрамя актывістаў згаданых арганізацый у мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Партыі Працы, Аб’яднанай Партыі Левых “Справядлівы свет”, праекту Прасвет, шэрагу незалежны’х прафсаюзаў.

Спікерамі былі прачытаныя наступныя даклады: “Ўзаемадзеянне левых палітычных партый і прафсаюзаў: перспектыва стварэння левага блока”, “Феномен стыхійнага пратэсту ў сучаснай Беларусі на прыкладзе канфлікту на РУП "Граніт", “Стаўленне рабочых да незалежных прафсаюзаў і апазіцыйных партый”, “Новыя формы эксплуатацыі ва ўмовах супермаркета”, ”Адлюстраванне працоўнага пратэсту ў незалежных СМІ”, «Мадэрнізацыя» і сацыяльнае становішча працоўных”.

Вынікам сустрэчы стала рашэнне працягваць і далей развіваць супрацоўніцтва усіх левых. Наступным крокам кансалідацыі палітычных сіл левага флангу, на думку удзельнікаў канферэнцыі, павінна стаць стварэнне агульнага інтэрнет порталу, які акрамя ўсяго меў бы рабіць маніторынг сацыяльных пратэстаў.

Таксама прысутныя выказаліся на карысць каардынацыі левых партый падчас наступнай выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы. Была закранутая тэма і прэзідэнцкіх выбараў. Так на думку прысутнага на канферэнцыі Сяргея Калякіна, старшыні Аб’яднанай Партыі Левых “Справядлівы свет, “беларускім левым ужо сёння неабходна вызначацца з фарміраваннем пазіцыі адносна сумеснага ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2015 года з магчымасцю вылучэння адзінага левага кандыдата”.

Прэс-служба Беларускай Партыі Зялёных