БПЗ падтрымала заяву грамадскасці з нагоды рашэння Камітэту па прымяненні канвенцыі Эспа. Прапануем поўны тэкст заявы.
У гэтым годзе Камітэт па прымяненні канвенцыі Эспа завяршыў разгляд скаргі Літвы на Беларусь, звязанай з будаўніцтвам беларускай АЭС. Камітэт па прымяненні прызнаў у дзеяннях беларускага боку парушэнні некалькіх пунктаў канвенцыі па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (канвенцыі Эспа).
У прыватнасці, улады Беларусі не далі літоўскай грамадскасці магчымасці паўнавартасна ўдзельнічаць у працэдурах ацэнкі ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе (хаця б нароўні з грамадскасцю Беларусі). Літоўскую грамадскасць не запрасілі на слуханні ў Астраўцы 9 кастрычніка 2009 года, а слуханні 2 сакавіка 2010 года ў Вільні былі арганізаваны без належнага перакладу, на іх абмяркоўваюся няпоўны і не канчатковы тэкст справаздачы па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА), і выказаныя на слуханнях заўвагі літоўскай грамадскасці ніяк не былі ўлічаны.
Беларускі бок не прадаставіў літоўскаму боку канчатковую справаздачу па АУНА беларускай АЭС і не прымаў каментары па гэтай справаздачы ані ад літоўскага ўрада, ані ад грамадзян Літвы. Беларусь дагэтуль не адказала на некаторыя істотныя пытанні літоўскага боку.
Паводле экспертаў Камітэта па прымяненні, беларускія ўлады не стварылі магчымасцяў для ўсебаковага абмеркавання і каментавання, у тым ліку грамадскасцю, канчатковага выбару пляцоўкі для АЭС. Што важней, не быў у дастатковай ступені разгледжаны магчымы ўплыў на здароўе людзей і бяспеку АЭС паблізу ад сталіцы суседняй дзяржавы. І – галоўнае – не абмяркоўвалася належным чынам перспектыва ўстрымання ад будаўніцтва АЭС.
Прэзідэнцкі ўказ ад 15 верасня 2011 года зацвердзіў канчатковы выбар Астравецкай пляцоўкі і пры тым рашэнне не было прад'яўлена Літве, не ўтрымлівала ніякага абгрунтавання і не ўлічвала належным чынам заўвагі Літвы.
Што важна, прадстаўнікі ўрада Беларусі афіцыйна дэкларуюць на міжнародным узроўні, нібыта дазвол на будаўніцтва АЭС на Астравецкай пляцоўцы ўсё яшчэ не выданы (менавіта так разумеюць сітуацыю ў Камітэце па прымяненні канвенцыі Эспа). Як у такім разе ўспрымаць будаўнічыя працы, што вядуцца на пляцоўцы з мінулага года? Як незаконнае будаўніцтва?
Эксперты Камітэта па прымяненні канвенцыі Эспа таксама выдалі шэраг рэкамендацый Беларусі і Літве. Рэкамендацыі мусяць быць зацверджаны ў наступным годзе нарадай бакоў канвенцыі. Калі іх сцісла суміраваць, Беларусь павінна распачаць працэдуру ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце амаль наноў і пераглядзець, як мінімум, рашэнне пра канчатковы выбар Астравецкай пляцоўкі з улікам патрабаванняў Літвы.
Такім чынам, на афіцыйным узроўні абвергнуты шматлікія ранейшыя заявы беларускіх чыноўнікаў, нібыта Беларусь выконвае свае міжнародныя абавязальніцтвы па абмеркаванні праекта АЭС.
Раней было афіцыйна прызнана, што Беларусь парушыла Орхускую канвенцыю. Можна казаць, што ўлады Беларусі сістэматычна грэбуюць патрабаваннямі міжнароднага права пры будаўніцтве сваёй АЭС.
Мы лічым, што ўлады Беларусі павінны:
1. Спыніць дэзінфармацыю наконт выканання міжнароднага заканадаўства пры будаўніцтве АЭС.
2. Неадкладна спыніць праектаванне і будаўніцтва АЭС.
3. Правесці ўсе працэдуры, якія вымагаюць Орхуская канвенцыя і канвенцыя Эспа, наноў і пераглядзець у адпаведнасці з гэтымі працэдурамі ўсе рашэнні, звязаныя з будаўніцтвам АЭС.
Мы ўпэўненыя, што пры належным выкананні гэтых працэдур ад будаўніцтва АЭС давядзецца адмовіцца канчаткова, бо гэты аб'ект – экалагічна небяспечны, эканамічна стратны і не вытрымае належнай ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
Мы таксама інфармуем міжнародную супольнасць пра тое, што канчатковае рашэнне пра будаўніцтва беларускай АЭС ужо прынята беларускім урадам, а само будаўніцтва актыўна вядзецца, і выказваем шкадаванне з нагоды дэзінфармавання камітэта па выкананні канвенцыі Эспа афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі.