Зялёныя: такі футбол нам не патрэбны!

Стартуе футбольны чэмпіянат Беларусі. Тое, што ён пройдзе ў няпростых умовах відавочна ўжо сёння. З-за эканамічнага крызісу шматлікія клубы знаходзяцца на мяжы выжывання.

Адказам на эканамічны выклік стала абмежаванне удзельнікаў турніру - у вышэйшыя дывізіёны пускаюць выключна тых, хто (пакуль) здольны выканаць шэраг умоў і ў тым ліку  заплаціць ўзнос. Цяжка зразумець - як такая схема можа папулярызаваць футбол (адна з галоўных статутных задач Федэрацыі футбола)?

І самае галоўнае - як такая тактыка можа стаць панацэяй, калі пацярпела фіяска ўся мадэль камерцыйнага прафесійнага футбола? Сучасны футбол перастаў быць «народнай гульнёй», а становіцца ўсё больш часткай «шоў-бізнэсу», самазадавальнення амбіцый бізнесменаў і палітыкаў, дзе камерцыйны поспех і піяр выходзяць на першы план. Лепшым прыкладам з'яўляецца трагедыя папулярнага сталічнага клуба МТЗ - Партызан, які стаў закладнікам капрызаў алігарха. Логіка гешэфту вядзе да таго, што ўладальнікі клубаў пачынаюць патрабаваць стварэння наднацыянальных прафесійных камерцыйных ліг накшталт КХЛ.

Выхад з крызісу беларускага футбола не ў тым, каб кубка элітных клубаў закупілі за мяжой новых легіянераў, а ў тым, каб вярнуць папулярнай гульні першапачатковыя прынцыпы - масавасць, эмоцыя, шчырасць, барацьба за вынік, а не за ганарар.

Таму Зялёныя заклікаюць Федэрацыю Футбола Беларусі адмовіцца ад прафесійнага прынцыпу футбольнага чэмпіянату і задумацца над яго рэарганізацыяй ў фармат аматарскай лігі

Мы не хаваем, што рэформа прывядзе да падзення якасці турніру, паколькі гульцы будуць гуляць без адрыву ад вытворчасці. Аднак энтузіязм заўзятараў і масавы характар спаборніцтваў дасць айчыннаму спорту імпульс у выглядзе мноства, арыентаваных выключна на перамогу, маладых талентаў - галоўная ўмова адраджэння айчыннага футбола

Прэс-служба Беларускай Партыі Зялёных