“Неабходна усебаковае грамадскае абмеркаванне”

Шэраг беларускіх  палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, сярод якіх БПЗ,  накіравалі 28 снежня заяву ў Цэнтрвыбаркам, прысвечаную магчымым карэктоўкам Выбарчага кодэксу.

Падпісанты выступаюць за “неабходнасць усебаковага грамадскага абмеркавання тэксту выпрацаваных Цэнтральнай камісіяй прапановаў” і адзначаюць, што “у той жа час мэтазгоднасць некаторых з агучаных прапановаў выклікае сур’ёзныя сумневы”.

У прыватнасці на іх думку, патрабуе сур’ёзнага публічнага абмеркавання ў сродках масавай інфармацыі з удзелам шырокай грамадскасці прапанова аб наданні права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты рэспубліканскім грамадскім аб’яднанням з колькасцю сяброў не менш за 1000 чалавек.

Такая змена стварыла б няроўнасць сярод грамадскіх аб’яднанняў, якія паводле Закона Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях” валодаюць аднолькавым статусам рэспубліканскага аб’яднання.

Прапанаваная змена не стасуецца з духам беларускага заканадаўства, якое выдзяляе сярод грамадскіх аб’яднанняў палітычныя партыі як асобны від аб’яднаняў.

Патрабуе сур’ёзнага аналізу і папярэдняга абмеркавання на аснове міжнародных стандартаў і з удзелам грамадскасці і палітычных партыяў пытанне рэфармавання фінансавых умоваў перадвыбарчай агітацыі. Выклікае заклапочанасць агучаная Цэнтральнай камісіяй прапанова аб адмове ад дзяржаўнага фінансавання выдаткаў на перадвыбарчую агітацыю і перавод яе цалкам на забеспячэнне за кошт перадвыбарчых фондаў.

Нельга пагадзіцца і з агучанай пры асвятленні прапановаў Цэнтральнай камісіі ідэяй выключыць агітацыю за няўдзел у выбарах з катэгорыі перадвыбарчай агітацыі. Згодна з пунктам 7.7 Капенгагенскага дакумента АБСЕ (1990 г.) дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ забяспечваюць такія ўмовы, пры якіх закон і дзяржаўная палітыка дапускаюць правядзенне палітычных кампаній у атмасферы свабоды і сумленнасці, у якой ніякія адміністрацыйныя дзеянні, гвалт або запалохванні не стрымлівалі б партыі і кандыдатаў ад вольнага выяўлення сваіх поглядаў і ацэнак.(…) Адмова ад галасавання – гэта таксама грамадзянская пазіцыя, на якую выбаршчык мае права. Ён мае права падтрымаць альбо не падтрымаць пазіцыю кандыдатаў, якія заклікаюць да байкоту выбараў.

Выкладзеныя аргументы, як лічаць падпісанты, адлюстроўваюць сур’ёзныя сумневы ў тым, што прапанаваныя Цэнтральнай камісіяй змены сапраўды служаць гарманічнаму развіццю беларускага выбарчага заканадаўства ў інтарэсах рэалізацыі выбарчых правоў грамадзян.

Група падпісантаў распрацоўвае цяпер супольны законапраект дапаўненняў і зменаў у Выбарчы кодэкс.

Прэс-служба Беларускай Партыі Зялёныя