Зялёныя супраць будаўніцтва АЭС

10-га кастрычніка ў сядзібе БПЗ адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная будаўніцтву БелАЭС. Спікерамі на канферэнцыі былі намеснік старшыні партыі Дзмітрый Кучук і прафэсар Георгій Лепін

Паводле слоў Кучука, напрыканцы верасьня «Зялёныя» наведалі пляцоўку будаўніцтва Астравецкай АЭС:

«Мы ўбачылі, што там вядзеца праца  па закладцы бятона. Між тым нядаўна адказныя беларускія чыноўнікі паведамілі, што такога кшталту працы пачнуцца толькі ў 2013 годзе».

Занепакоенасць «Зялёных» выклікае і той факт, што да гэтага часу грамадзкасьць не атрымала праекту будаўніцтва атамнай станцыі:

Кучук: «Тым ня менш працы вядуцца, там ездзяць бэтонавозы, стаіць апалубка, пляцоўка адгароджаная і вядзецца заліўка бэтону. У раёне станцыі няма інфармацыйных стэндаў, хто заказчык будаўнічых работ, хто падрадчык, хто выканаўца, няма тэрмінаў пачатку і заканчэння гэтай працы».

Гэта, на яго думку, выклікае вялікія пытаньні наконт надзейнаьці і кампэтэнтнасці будаўнічых арганізацый, якія праводзяць працы.

Кучук: «Усё тое, што адбываецца цяпер на пляцоўцы, больш падобна на самабуд. І паколькі атамная станцыя — будоўля падвышанай небясьпекі і падвышанай адказнасці, такая хуткасць працаў з апярэджваннем графіку нас не турбаваць ня можа».

Прафэсар Георгі Лепін заявіў, што АЭС без праекту будавацца не павінна:

Георгій Лепін: «Калі будаўніцтва вядзецца такімі тэмпамі і невядома кім, то ўжо на этапе будаўніцтва мы можам атрымаць сумныя наступствы».

Увогуле, на ягоную думку, у Беларусі няма спэцыялістаў, здольных пабудаваць і абслугоўваць атамную станцыю.

Паводле слоў Лепіна, каб пачынаць будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі, перш за ўсё патрэбны яе праект.

«На сёньняшні дзень, наколькі мне вядома, такога праекту няма. Работы па ўзьвядзенні аб’ектаў атамнай станцыі на Астравецкай пляцоўцы вядуцца без праекту. Больш за тое, у Беларусі няма ніводнага спэцыяліста, які здольны быў бы ня толькі ўдзельнічаць у распрацоўцы праекту, але і хоць бы яго кантраляваць».

Лепін лічыць, што ў Беларусі таксама няма ніводнага спэцыяліста па будаўніцтву атамнай станцыі.:

«У параўнанні з АЭС цеплавыя станцыі — гэта проста элемэнтарны будынак. Я, напрыклад, шэсць гадоў прапрацаваў на Чарнобыльскай АЭС, я нават быў інструктарам, вадзіў іншых спэцыялістаў па станцыі. І нават я не магу назваць сябе спэцыялістам па гэтай пабудове. Гэта надзвычай складаны аб’ект Да такога ўзроўню нашы будаўнікі не дараслі».

Няма ў Беларусі, на думку прафэсара, і спэцыялістаў па абслугоўванні АЭС:

Лепін: «Няма каму нават прыняць станцыю. Быў усяго адзін чалавек такога ўзроўню — акадэмік Васіль Несцярэнка, які ў свой час быў галоўным распрацоўшчыкам транспартабэльнай АЭС для вайскоўцаў. Але яго даўно ўжо няма з намі».

Заявы пра тое, што за пяць гадоў можна навучыць пэрсанал станцыі, прафэсар лічыць неабгрунтаванымі.

«Гэта чыстай вады падман. Каб чалавек стаў спэцыялістам, яму патрэбны ня толькі дыплём, а як мінімум гадоў дзесяць прапрацаваць на атамнай станцыі».

Між тым, адзначыў ён, 80% аварый на атамных станцыях адбываюцца з-за «чалавечага фактару», а не з-за адмовы тэхнікі.

Таму, на думку прафэсара, у Беларусі пакуль няма ўмоў для будаўніцтва АЭС.

Прэс-служба Беларускай Партыі Зялёных