23 чэрвеня ў Мінску адбылося паседжанне Цэнтральнага Савету БПЗ. Сярод разгледжаных на сустрэчы пытанняў абмяркоўвалася пытанне пра ўдзел партыі ў прызначаных на восень парламенцкіх выбарах.
У рамках дэбат іх удзельнікамі было прапанавана некалькі варыянтаў фармату ўдзелу ў выбарах: паўнавартасны ўдзел у выбарах, удзел у выбарах са здыманнем кандыдатаў напярэдадні галасавання, удзел толькі па адной акрузе (Астравецкі раён), байкот выбараў.
Па выніках галасавання большасцю ў адзін галас прынята рашэнне пра ўдзел у выбарчай кампаніі. Здыманне кандыдатаў магчыма, але толькі ў сілу пэўных акалічнасцяў.
Разам з тым у партыі адзначаюць, што не лічаць беларускую выбарчую сістэму дасканалай і не лічаць, што можна будзе дасягнуць поспехаў без змены палітычнай сістэмы. Таму ўдзел у выбарах бачыцца Зялёнымі хутчэй як інфармацыйная кампанія. У яе рамках эколагі плануюць пазнаёміць выбаршчыкаў з глабальнай і беларускай экалагічнай позвай дня, прынцыпамі зялёнай сацыяльна-эканамічнай альтэрнатывы, паспрабаваць пашырыць геаграфію партыйных структур.
Умоўная назва кампаніі - "Будзь Зяленым - будзь свядомым". Прэзентацыя кампаніі пройдзе ў другой палове ліпеня адначасова з прэзентацыяй кандыдатаў ад БПЗ.
Адмысловае месца падчас кампаніі будзе нададзена назіранню на выбарах, якія партыя арганізуе ў рамках акцыі "За справядлівыя выбары".
Як адзначалася на сустрэчы ЦС БПЗ, Зялёныя ўдзельнічаюць у парламенцкіх выбарах упершыню з 1996-го года. Услед за ўдзелам у мясцовых выбарах (2010) і прэзідэнцкіх выбарах (2010) кампанія 2012 заклікана канчаткова засведчыць вяртанне эколагаў у ранг паўнавартаснага суб'екта беларускай палітыкі.
Прэс служба Беларускай Партыі Зялёных