Пры дапамозе Зялёных “Радыё Свабода” высвятляла - хто блакіруе ініцыятыву Літвы, якая прапанавала Беларусі разгрузіць кантрольныя пункты пропуску на аўтамабільных дарогах, што звязваюць суседнія краіны?
“Разгрузка” дазволіць траціць менш часу на перасячэнне мяжы. На думку літоўцаў, гэтага можна дабіцца, калі частку грузаў, якія цяпер перавозяць на фурах, будуць транспартаваць чыгункай. Наколькі такія захады цікавяць Беларусь?
23-га мая намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Сяргей Барысюк на прэсавай канфэрэнцыі прызнаў: сама ідэя ня новая. Яе спрабавалі выкарыстаць ужо двойчы. Аднак яна, паводле беларускага чыноўніка, «чамусці не прыжылася». Чаму?
Сяргей Барысюк: «Я думаю, калі б да гэтага падключылі эколягаў… Бо гэтыя праекты ўсё ж найперш скіраваныя не на скарачэнне часу для перасячэння мяжы (прынамсі, так паказвае досьвед Эўрасаюзу), а на змяншэнне шкоды для наваколля. Бо чыгуначны транспарт усё ж больш экалягічны за аўтамабільны. І калі б сваё важкае слова сказалі ня толькі транспартнікі, а і эколягі, то, мабыць, гэты праект ужо быў бы ўвасоблены ў жыццё».
Пракаментаваць сітуацыю Радыё Свабоды папрасіла ў Зялёных.
“Хіба ж гэта залежыць ад эколягаў?! — сказаў у інтэрв’ю станцыі першы наметнік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў: «Калі справа застаецца толькі за «Зялёнымі», то мы абодвумя рукамі «за» прагаласуем хоць сёння. Няхай звяртаюцца. Мы вельмі нават «за».
Прэс-служба Беларускай Партыі “Зялёныя”