Канфлікт ў Светлагорску

У Светлагорску абвастрылася сітуацыя вакол праекту заводу сульфатнай беленай цэлюлозы на базе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната (ЦКК). Сітуацыю  пракаментаваў Андрэй Понасаў, мясцовы актывіст БПЗ.

Андрэй Понасаў: "У Светлагорску плануюць пабудаваць новы камбінат. Грошы на яго быццам даюць кітайцы. Нашы наладчыкі ездзілі ў Еўропу за вопытам і бачылі, што нідзе заводаў такога вялікага маштабу няма. З-за таго, што вытворчасць цэлюлозы  вельмі шкодная існуюць толькі маленькія цэхі. Есць яшчэ буйны камбінат на поўначы Расеі, і з слоў сведкаў стан здароўя людзей ў той мясцовасці вельмі кепскі.

І без гэтага заводу экалагічная сітуацыя ў горадзе вельмі дрэнная. Асабліва у жыхароў вёскі, якая не далёка ад ЦКК. Яе жыхарам нават выплачваюць чарнобыльскія, хаця вялікай радыяцыі ў нас  няма.

Менавіта жыхары гэтай вёскі - Якімава слабада, ўзняліся супраць планаў будаўніцтва. Паколькі фармальна для пачатку рэалізацыі праекту патрэбны грамадскія слуханні 23 студзеня правялі сход. У адрозненні ад слуханняў ў Астраўцы па праекту АЭС у залу дапусілі ўсіх жадаючых. І амаль практычна ўсе прысутныя выказаліся супраць новага заводу  Нават некаторыя гарадскія чыноўнікі выступілі супраць праекту. Аднак ў выніку сходу людзей паставілі перад фактам: не гледзячы на іх думку, рашэнне пра будаўніцтва ўжо прынятае. Гэта і выклікала сапраўдную бучу".

25-га лютага на паседжанні актыву БПЗ у Мінску прынята рашэнне падтрымаць экалагічныя пратэсты ў Светлагорску. 

П.С. У той жа дзень Радыя Рацыя паведаміла: "Улады Светлагорска адмовіліся ствараць грамадскую камісію па праблеме заводу беленай цэлюлозы. Цяпер грамадзяне, якія выступаюць з ініцыятывай пра стварэнне камісіі, рыхтуюць адпаведны зварот у Гомельскі аблвыканкам".

Прэс- служба Беларускай Партыі “Зялёныя”