Захаваць зялёныя зоны

Беларуская партыя Зялёных звярнулася да сталічных улад і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з просьбай прыпыніць вырубку парку 40-годдзя Кастрычніка ў Мінску.Прыводзім тэкст звароту.

Старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Ладуцька Мікалаю Аляксандравічу

Міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Цалко Ўладзіміру Рыгоравічу

26 снежня 2011 года пачалася вырубка парку 40-годдзя Кастрычніка ў Мінску. На месцы парку плануюць пабудаваць гасцінічны комплекс “Пекін”

Парк, закладзены ў 1957 г., з'яўляецца надзвычай важнай зялёнай зонай у цэнтры горада. Рэкрэацыйную фунцыю парку цяжка пераацаніць. Гэта галоўнае месца для прагулак бацькоў з дзецьмі для жыхароў вуліцы Чырвонаармейскай і Казарменага завулку. Парк з'яўляецца месцам адпачынку і жыхароў іншых раёнаў сталіцы, а таксама гасцей горада. У парку 40-годдзя Кастрычніка праходзяць заняткі па фізічнай культуры студэнтаў БДУ, БДТУ і навучэнцаў ліцэя пры БДУ. Уздоўж парку праходзіць пакуль адзіная ў Мінску веласцежка.

На нашую думку, вывад земляў парку з агульнага выкарыстання ў выніку забудовы немэтазгодны і парушае канстытуцыйнае права грамадзян на здаровае навакольнае асяроддзе.

Парк 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ўваходзіць у распаложаны ўздоўж Свіслачы шэраг паркаў і сквераў сталіцы, якія складаюць адзіны водна-зялёны дыяметр Мінска. Гэты водна-зялёны дыяметр з'яўляецца “лёгкімі горада”. Забудова такіх месцаў закранае грамадскі інтарэс. Парк 40-годдзя Кастрычніка зніжае напружанне на навакольнае асяроддзе, якое ў гэтым раёне абумоўлена загружанымі аўтадарогамі (асабліва вуліцай Леніна), прамысловымі прадпрыемствамі і чыгункай. Зацверджаны Аляксандрам Лукашэнкам генеральны план Мінска прадугледжвае ўключэнне парку 40-годдзя Кастрычніка ў Цэнтральны паркавы комплекс, але ніяк не яго забудову.

Жыхары вуліцы Кастрычніцкай і Казарменага завулка справядліва абураны тым, што мясцовыя ўлады не праінфармавалі іх належным чынам пра планы забудовы і не прынялі пад увагу іх меркаванне. Такім чынам была парушаная ратыфікаваная Беларуссю Орхуская канвенцыя.

Парк таксама з'яўляецца мемарыяльнай мясцінай. На яго месцы ў 1944 годзе адбыўся парад партызан. На гэтым самым месцы ў гады вайны адбываліся пакаранні смерцю падпольшчыкаў, а пазней — ваеннапалонных немцаў. Паводле сведчанняў удзельнікаў пасадкі парка, у зямлі на яго тэрыторыі знаходзяцца чалавечыя парэшткі.

У дадзеным выпадку існуе рэальная магчымасць развязаць праблему і задаволіць пры тым абодва бакі. Гасцініца можа быць пабудавана на месцы закінутага корпуса завода імя Кірава, які знаходзіцца праз дарогу ад парка 40-годдзя Кастрычніка. Жыхары Мінска, у сваю чаргу, могуць захаваць магчымасць адпачываць у ціхім зялёным кутку ў цэнтры горада.

Беларуская партыя «Зялёныя» настойвае на адэкватным інфармаванні жыхароў раёна і шырокай грамадскасці горада пра планы будаўніцтва, правядзенні кансультацый з грамадскасцю ў выглядзе адкрытага сходу і ўліку меркавання грамадскасці пры прыняцці канчатковага рашэння.

Беларуская партыя «Зялёныя» таксама настойвае выкананні генплана ў частцы захавання недатыкальнымі зялёных зон горада, у тым ліку парка 40-годдзя Кастрычніка. Яны крытычна неабходныя для мегаполіса, у якім расце шчыльнасць насельніцтва, забруджанне ад аўтатранспарта і пры тым змяншаецца адкрытая для грамадскасці прастора, прыдатная для рэкрэацыі.

Крыніца: прэс-служба Беларуская Партыя Зялёныя