Сутрэча з літоўскімі калегамі

2-га кастрычніка ў Вільні прайшла рабочая сустрэча актывістаў Беларускай партыі "Зялёныя" Дзмітрыя Кучука, Яўгена Герасіменка і Кацярыны Лаппо з лідэрам «Руху зялёных Літвы» Юозасам Даутартасам.

Рух Зялёных Літвы – адносна маладая партыя, якая ўзнікла ўвесну гэтага году. Увогуле Літва –апошння краіна Еўропы, дзе эколагі аб’ядналіся ў палітычную структуру.

Новая партыя аб'яднала людзей з розных рэгіёнаў Літвы, якія абвясцілі сваімі мэтамі барацьбу за "зялёную" эканамічную будучыню Літвы, за баланс паміж урбаністыкай і жывой прыродай, за большую ўвагу да аховы навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека. Арганізацыйнае і ідэалагічнае ядро партыі склалі вядомыя ў Еўропе і Літве эколагі і этнографы.

Яшчэ на сваім устаноўчым з'ездзе Рух прыняў заяву пратэсту супраць планаў развіцця атамнай энергетыкі Літвой і суседнімі дзяржавамі - будаўніцтвы новых АЭС у Вісагінасе, Астравецкім раёне Беларусі і Калінінградскай вобласці РФ.

"Мы згуртуем усе сілы, каб і наш урад, і замежныя "зялёныя" партыі, і Фракцыя Зялёных Еўрасаюза прынялі меры да таго, каб гэтага не адбылося. Мы жадаем ужыць цэлы шэраг законных мер, у тым ліку і магчымы рэферэндум, паколькі гэта не толькі энергетычнае пытанне, гэта і праблема нашай бяспекі", - сказаў тады Юозас Даутартас.

Падчас сустрэчы літоўскіх і беларусікх калег абмяркоўваліся тэмы каардынацыі дзеянняў у рамках антыядзернай стратэгіі ў Балтыйскім рэгіёне, агульная сітуацыя зялёнага партыйнага будаўніцтва ў дзвюх краінах, супрацоўніцтва ў галіне маладзёжнай палітыкі, удзел літоўскіх зялёных у Кангрэсе Еўрапейскай партыі Зялёных ў Парыжы.

Адбыўся канструктыўны дыялог, у выніку якога было прынята рашэнне далей падтрымліваць больш цесныя адносіны паміж суседзямі.

Крыніца: прэс-служба Беларускай Партыі “Зялёныя”.